Скачать с сервера
Гэта вельмі складанае і “нязручнае” пытанне для беларусаў, бо пралівае святло на становішча ва ўласнай радзіме. Трэцяя частка беларусаў жыве па-за межамі сваёй бацькаўшчыны, іх расцерушыла па свеце. Эміграцыя ёсць эканамічная – яна больш масавая, і палітычная – яна больш згубная, паколькі краіна губляе інтэлектуальную эліту. Гісторыя беларускай эміграцыі – у далёкім мінулым: 1. Часы ВКЛ: дыпламатычныя зносіны, навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах (Ф. Скарына), запрашэнні на службу (Іван Фёдараў, Пётра Мсціслаўца, Іван Перасветаў, Сімяон Полацкі). Беларускае паходжанне мелі князі Бельскія, Мсціслаўскія, Міласлаўскія, Глінскія, Друцкія. Шмат людзей трапляла ў палон падчас войнаў (асабліва за вайной 1654 – 1667: было 300 тысяч палонных! Тады шмат куплялі солепрамыслоўцы Строганавы, шмат палонных мелі Трубяцкі, Шарамецьеў, Далгарукі, Адоеўскі). Мяшчанская слабада была спрэс заселена беларусамі. У Новадзявочы манастыр былі пераселены манашкі з Куцейна (Смаленскі сабор гэтага манастыра будавалі беларусы; асаблівы ўдзел яны бралі ў афармленні іканастаса: Клім Міхайлаў, Герасім Акулаў, Восіп Андрэеў, Андрэй Фёдараў, Яўсей Сямёнаў). Беларусы былі добрыя военачальнікі і майстры. Менавіта беларусы будавалі славуты Каломенскі палац, менавіта з беларусамі ўпершыню ў Масковіі засвойвалася аб’ёмная ажурная разьба ў стылі барока, тэхніка пакрыцця сусальным золатам, рэльефная шматколерная кафля, тонкая разьба па костцы, майстэрства ліцця гармат і вырабу зброі. Славутай на той час была беларуская школа мастацкай кафлі: Сцяпан Іваноў (яго яшчэ называлі “паўбесам” за рукатворныя цуды), Ігнат Максімаў, Пётр Заборскі. 2. Часы Расійскай імперыі: пашыраецца палітыка “заходнерусізму” (Беларусь – заходняя частка Расіі). Паўстанцы 1794, 1830 і 1863 гг. высылаюцца ў Сібір, шмат народу загінула ў вайне з Напалеонам. Інтэлігенцыя мусіць эміграваць у Францыю, Швейцарыю, Англію, Італію: Тадэвуш Касцюшка, Міхал Агінскі, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Напалеон Орда, Тамаш Зан, Юзэф Копаць, Восіп Кавалеўскі, Бенядзікт Дыбоўскі, Ян Чачэрскі. 3. У ХХ ст. вядомы 3 буйныя эмігранцкія хвалі: 1) Эканамічная ў к. 19 – пач. 20 ст.: каля 700 тыс. з’ехала ў Сібір, каля 600 тыс. – у ЗША, Канаду, Лацінскую Амерыку да вайны, а таксама ў Аргентыну, Бразілію. 2) 1925 – 1939: з Заходняй Беларусі з’язджаюць у Чылі, Бразілію, Аргентыну, Уругвай, Парагвай; Францыю, Германію, Англію. З Усходняй Беларусі едуць на Урал і ў Сібір (хто на сацыялістычныя будоўлі, а хто як “вораг народа”). У 20-30-х гг. у Прагу эмігруюць урад БНР (П. Крэчэўскі, В. Захарка, Я. Варонка, Л. Геніюш), удзельнікі І Усебеларускага кангрэса, групы беларускіх эсэраў. У 1921 г. праходзіць Пражская канферэнцыя беларускіх палітычных партый, на якой асуджаецца падзел Беларусі на 2 часткі па мірнай дамове Расіі ды Польшчы. Эмігруюць пісьменнікі Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Масей Сяднёў, спевакі Міхай Забэйда-Суміцкі, бацькі Богдана Андрусішына (Данчыка), Пётра Конюх, кампазітары Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Эльза Зубковіч, мастакі Віктар Жаўнярэвіч, Уладзімір Шыманец, Анатоль Чайкоўскі. • Падчас вайны 1,5 млн. эвакуявана на ўсход, 380 тыс. вывезена ў Германію, шмат народу ў палоне (СССР не далучыўся да Жэнеўскай канвенцыі, кінуўшы гэткім чынам сваіх суайчыннікаў на волю лёсу. 1 сакавіка 1946 г. – 520.672 беларусы рэпатрыявана (але 260 тысяч не вярнулася, бо на радзіме іх чакаў лагер). Шмат людзей адступала з немцамі (50 тыс. асела ў ЗША, дзесяткі тысяч – у Англіі, Германіі, Францыі, Аўстраліі). 3) Эміграцыя 90-х гадоў 20 ст.: эканамічная і палітычная. Беларуская эміграцыя, як, мабыць, і любая іншая, захоўвае любоў да сваёй бацькаўшчыны, бо лёс эмігранта вельмі горкі – гэта “хвароба настальгія” (н.-лац. nostalgia, ад гр. nostos - вяртанне + algos – боль: туга па радзіме, нудзьга). Дзеля падпіткі свайго ўнутранага духу, сувязі з радзімай беларуская дыяспара стварае ў замежжы свае суполкі: I. БАЗА – беларуска-амерыканскае з’адзіночанне з цэнтрам у Нью-Йорку. Мае філіялы ў штатах: Нью-Джэрсі, Агайо, Канектыкут, Мічыган, Каліфорнія. З 1950 г. выдае газету “Беларус” (рэдактар Янка Запруднік → Марат Клакоцкі). II. “Полацэк” – грамадска-культурны цэнтр у Кліўлендзе (ЗША). Выдае аднайменны часопіс. III. БІНІМ – Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (дырэктар Вітаўт Кіпель). Выдаюць навуковыя “Запісы” інстытута. Валодаюць найбагацейшымі фондамі. Усяго ў ЗША выдаецца каля 15 газет і часопісаў на беларускай мове. IV. БІНІМ у Канадзе. Згуртаванне ў Канадзе. V. Беларуска-канадскі культурны саюз у Таронта. VI. Згуртаванне беларусаў у Велікабрытаніі. VII. Беларускі цэнтр у Лондане з бібліятэкай і музеем імя Францыска Скарыны. Выдаюць “Часопіс навуковых даследаванняў”. VIII. Беларускі цэнтр у Мюнхене з часопісам “Мюнхенскі беларускі зборнік”. IX. Беларускі інстытут культуры і навукі на Захадзе з часопісам “Факел”. X. Факультэт славістыкі універсітэта ў Капенгагене (Данія). XI. Кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. XII. Беларусы Беласточчыны маюць 2 беларускія ліцэі, літ. аб’яднанне “Белавежа”, выдаюць газету “Ніва”. Там працуюць пісьменнікі Сакрат Яновіч, Алесь Барскі, В. Швед, мастакі Л. Тарасевіч, М. Давідзюка, навукоўцы Ю. Туронак, Б. Белаказовіч, А. і Я. Мірановічы, М. Гайдук. XIII. Беларусы Віленшчыны, Смаленшчыны, Браншчыны; згуртаванні па розных гарадах былога СССР. XIV. 1990 – Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (прэзідэнт В. Быкаў, з 1993 – Радзім Гарэцкі; Анатоль Грыцкевіч; Алесь Марачкін). Выдаюць “Голас Радзімы” для суайчыннікаў замежжа. Таксама ў замежжы маюцца Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Беларуская праваслаўная царква канстантынопальскай юрысдыкцыі, Беларуская каталіцкая місія, у якіх набажэнствы вядуцца па-беларуску. Славутыя беларусы: Ф. Дастаеўскі, Э. Ажэшка, А. Міцкевіч, Дз. Шастаковіч, М. Пржывальскі; Барыс Кіт акадэмік Сусветнай акадэміі і астранаўтыкі; Ілля Прыгожын – прэзідэнт Бельгійскай каралеўскай Акадэміі Навук (нобелеўскі лаўрэат па хіміі); Казімір Семяновіч – вынаходнік шматступеневай ракеты; Якуб Наркевіч-Ёдка – першаадкрывальнік электраграфіі хвалевай перадачы электрасігналаў; Павел Сухі – авіяканструктар. Беларускае замежжа дапамагло захаваць культурны генафонд, інтэлектуальны патэнцыял беларускага народа й мае сур’ёзныя поспехі ў вывучэнні праблем беларускай гісторыі і культуры. На дадзены момант нам патрэбна аб’яднанне інтэлектуальных сіл нацыі дзеля адзінае мэты Адраджэння й вываду Беларусі з зацяжнога духоўнага і эканамічнага крызісу на шляхі да еўрапейскае цывілізацыі.
|