Скачать с сервера
Фразеалогія – раздзел мовазнаўства, навука пра фразеалагізмы (фраземы, ідыёмы). Сама сукупнасць фразем. Фраземы, устойлівыя спалучэнні слоў, не ствараюцца, а захоўваюцца ў свядомасці чалавека як гатовыя адзінкі. Па сваёй прыродзе яны вельмі метафарычныя, эмацыянальна-экспрэсіўныя, могуць утрымліваць ацэнку. Яны надаюць мове непераймальную сакавітасць: пускаць пыл у вочы, блёкату аб’еўся (неадабральныя), як пшаніцу прадаўшы – на святыя ніколі – аж у роце чорна (стылістычна афарбаваныя), насыпаць солі на хвост (заніжаныя), гула асмаленая – вярзці лухту – са скуры вылузвацца (грубаватыя), кропка замярзання – чорная дзірка – мяккая пасадка (прафесійныя, што часам могуць губляць прафесійную прыналежнасць, як апошні выраз). Вуснае народнае паходжанне маюць прыказкі, прымаўкі ды кленічы, а літаратурнае – крылатыя словы і афарызмы. Прыказкі – гатовае, сінтаксічна аформленае філасофскае выслоўе. Мудрасць народа, што назапашвалася стагоддзямі: з вялікае хмары вялікі дождж бывае, пад ляжачы камень вада не цячэ, чужое дабро не грэе, якое карэнне – такое й насенне. Прымаўкі – маюць незавершаную сінтаксічную будову: як гарох пры дарозе; мякка сцеле ды мулка спаць; ні млеў, ні пацеў, а рот разявіў. Кленічы (праклёны, кляты) – устойлівыя па прынцыпах пабудовы і імправізацыйныя па рэалізацыі (адпаведна выпадку) формулы вербальнай (слоўнай) магіі шкадлівага характару. Адна з праяваў архаічнай свядомасці чалавека, яго веры ў магічныя сродкі ўздзеяння на чалавека, жывёлу, аб’екты нежывой прыроды, а найперш у дзейсную сілу слова. Найчасцей выказваюцца ў адказ на рэальнае ці ўяўнае праяўленне агрэсіі, варожасці ў дзеяннях і словах. У іх назіраецца імкненне “адвярнуць” шкадлівае дзеянне на крыніцу яго спараджэння, магічным спосабам адпомсціць за нейкае ліха, знішчыць крыўдзіцеля і ягоны род, дабрабыт і інш. Разбурэнне міфалагічнай сістэмы ператварыла формулы кленічаў у бясшкодныя выслоўі, у нейтральны папрок. Зараз кленічы найчасцей выклікаюць толькі ўсмешку: каб цябе качкі затапталі, трасца табе ў бок, трасца табе ў лапці. Прамаўляліся падобныя выслоўі хутчэй ва ўзбуджаным стане, у парыве гневу, крыўды, жадання адпомсціць. Тады яны складаліся ў доўгія нізкі з пералічэннем усіх нягодаў няпрыяцелю (“стан натхнёнай лаянкі” – Я. Колас). Мова кленіча заўсёды вызначаецца экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, рытмічнасцю. Таму яны паспяхова замяняюць у беларускай мове рускія мацюкі. Крылатыя словы – маюць літаратурнае паходжанне: забілі зайца, не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі. Могуць паходзіць з антычнай міфалогіі і літаратуры: сізіфава праца, нітка Арыядны, танталавы пакуты, ахілесава пятка, пракруставы ложак. Афарызм – кароткі і лаканічны крылаты выраз: без чалавечнасці не будзе й вечнасці; людзі не разумеюць, што разам з беларускасцю яны губляюць частку чалавечнасці (Ігнат Абдзіраловіч); каб сонца засланіць – вушэй асліных мала; афарызмы Ф. Лярошфуко (Толькі ў вялікіх людзей бываюць вялікія заганы. Каханне адно, але падробак пад яго – тысячы); Ул. Караткевіча (Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на “спрадвечны” закон). Віды афарызмаў: 1. Сентэнцыя (выслоўе з павучальным сэнсам): Эгаізм – атрута сяброўства. 2. Парадокс (выказванне, што на першы погляд супярэчыць цвярозаму розуму, але мае сэнс): Найлепшы спосаб пазбавіцца ад спакусы – гэта саступіць ёй (Оскар Уайльд, “Партрэт Дарыяна Грэя”). 3. Максіма (вельмі сціслая маральна-сілагічная норма, што фармуецца загадным чынам): Не рабі іншаму таго, чаго сабе на жадаеш (залатое правіла маральнасці). 4. Гнома (вершаваны афарызм): Павінны шмат каго баяцца той, каго баяцца многія.
|