Скачать с сервера
Першае, з чым імкнецца пазнаёміцца кожны чалавек пры вывучэнні новай для яго мовы – гэта словы і звароты ветлівасці. Яны ўпрыгожваюць зносіны паміж людзьмі, задаюць тон у кожнай размове. Гэты тон можа быць узвышаным альбо, калі чалавек не валодае моўным этыкетам, заніжана-грубаватым. Нізкая культура маўлення можа лёгка сапсаваць настрой, а высокая – запраграмаваць станоўчыя эмоцыі. У кожнай мове ветлыя фразы адмысловыя, іх спецыфіка непарыўна звязана з гісторыяй і менталітэтам пэўнага народа. Сучасны стан беларускага вербальнага этыкету, на жаль, не адлюстроўвае поўнай карціны. З цягам часу мова згубіла пэўную эмацыйнасць, дакладнасць, адметную семантычную нюансіроўку. Зараз мы карыстаемся спрошчанымі клішаванымі фразамі. Вось узоры з гісторыі. На Беларусі імёны па-бацьку на -віч да часоў расійскай рэкрутчыны масава не ўжываліся: яны ўзніклі і ўсталяваліся толькі ў XVIII – ХІХ стст. Дзеля бліжняга азначэння ўжываліся, напрыклад, наступныя канструкцыі: нежанатага сына Васіля Міхневіча клікалі Пётра Васілёнак Міхневічык (Міхнеўчык), а жанатага – Пётра Васілёнак Міхневіч (радавое прозвішча хлопец спадкаваў толькі тады, калі рабіўся галавой сваёй ўласнай сям’і); незамужнюю дачку Васіля Міхневіча клікалі Ганна Васілянка Міхневічанка, а замужнюю – паводле прозвішча яе мужа (напр. Апанасовіча): Ганна Васілянка Апанасовічыха. На Беларусі былі распаўсюджаныя суфіксы: -онак, -ёнак; -анок, -янок; -анка, -янка, -ышка, -ішка. Імёны па-бацьку з такімі суфіксамі на пэўным этапе перайшлі ў разрад прозвішчаў (Васілёнак, Міхалёнак ці Міхалок, Антанёнак). А вось суфіксы -оў, -еў і -ін, -ын абазначалі толькі прыналежнасць: Пётра – Васілёў сын. Дарэчы, у некаторых іншых мовах (да прыкладу, у сучаснай літоўскай) падобная адпаведнасць прозвішча жонкі ці дачкі прозвішчу мужа ці бацькі захавалася як літаратурная норма да нашага часу: Adomaitis (Адамовіч) – Adomaitiene (Адамовічыха / Адамовічава) – Adomaityte (Адамавічанка). Зараз сярод беларусаў замест імя па-бацьку актыўна выкарыстоўваюцца наступныя ВЕТЛЫЯ ЗВАРОТЫ: спадар (паходзіць ад слова “гаспадар”: Вялікім Гаспадаром называлі Вітаўта Вялікага), спадарыня (замужняя жанчына), спадарыч (нежанаты хлопец; падобная семантыка ў іншых мовах амаль не сустракаецца!), спадарычня (незамужняя дзяўчына), спадарства (вял. аўд-ыя або сям. пара), спадару (клічная форма, на пісьме ўжываецца заўсёды з клічнікам). У звароце непасрэдна да чалавека мы ўжываем гэтую форму з імем: спадар Андрусь, спадарыня Арына, спадарычня Паўлінка, Шаноўнае спадарства (зварот да аўдыторыі), спадарства Андруся і Арыны (муж і жонка), спадару Андрусе (клічная форма). У гаворцы пра чалавека можна ўжываць гэтую форму з імем альбо з прозвішчам: спадар Чыгорскі, спадарыня Чыгорская, спадарычня Чыгорская, спадарства Чыгорскіх, спадару Чыгорскі. Непасрэдна да чалавека так казаць няветліва. Без імя альбо прозвішча гэтая форма гучыць вульгарна: Гэй, спадару! Падобныя формы мае большасць еўрапейскіх народаў: англ. містэр – міс – місіс, фр. месье – мадэмуазель – мадам, ням. Гер – Фройляйн – Фрау, іт. сіньёр – сіньярына – сіньёра, ісп. дон – донья, польск. пан (бел. пан – рус. барин) – панна – пані, рус. гаспадзін – гаспажа. Варта адзначыць, што своеасаблівы зварот да незамужняй дзяўчыны ў некаторых мовах ужо лічыцца архаізмам з прычыны эмансіпацыі жанчын і таму амаль не ўжываецца (як ням. Фройляйн). Зараз беларусы могуць назваць “спадарыняй” і незамужнуюю дзяўчыну. Формы спадарычня і спадарыч не маюць імператыўнага характару ў сучаснай мове, з’яўляюцца архаізмамі, аднак пры асабістым жаданні носьбітаў мовы яны могуць выкарыстоўвацца. Скарочаныя формы выглядаюць наступным чынам: спадар – Сп. (можа ставіцца перад назовам пасады: Сп. дырэктар), спадарыня – Спн., спадарыч – Спч., спадарычня – Спчн., спадарства – Спв. Найчасцей яны выкарыстоўваюцца ў ліставанні, дзе пішуцца з вялікай літары, як і ў іншых мовах. Напісанне з вялікай літары поўных формаў пакуль неўсталяванае ў сучаснай беларускай мове, аднак дапушчальнае (пры асаблівай павазе да пэўнай асобы). На жаль, у афіцыйных рускамоўных колах пакуль дамінуе рускі зварот з імем па-бацьку: Пётра Васілевіч, Ганна Васілеўна. Недарэчнасць існавання падобных імёнаў па-бацьку ў беларусаў падкрэсліваецца і тым, што яны супадаюць з тыповымі беларускімі прозвішчамі на -іч (Андрусевіч). Таксама не існавала раней у беларускай мове і формаў на “ты” (1) і “Вы” (2) пры звароце да асобы: гэта русізмы. 1. Аналагам звароту на “ты”, што лічыўся дурным тонам, выступала форма “Сам”: Добра Самі кажаце! Куды Самі ідзяце? Форма была больш ветлівай, чымсьці сучасны зварот на “ты”, асабліва, калі ставілася ў мн. л. у адносінах да адной асобы. На дадзены момант яна не функцыянуе і захавалася выключна ў фразах устойлівага тыпу: – Як Сам маешся? (вымаўл. [маjэс’с’а], паходзіць ад фразы: як маеш сябе?, рус. Как дела? aнг. How are you?). – Сам пры сабе! (рус. Хорошо! анг. ОК! – пры нармалёвым фізічным стане). Нішто сабе! (рус. Ничего!). Акрамя таго, слова Сам захавалася і ў значэнні “гаспадар, гаспадыня”: Як Сама скажа, так і будзе. Сам загадаў. 2. Аналагам звароту на “Вы” выступала форма “Ваша”: Блага, Ваша, кажаш! (рус. Плохо говорите!). Паходзіць яна ад фразы Вашамосць (рус. Ваше Величество) і з’яўляецца найбольш ветлівай, чымсьці зварот на “Сам”. Звярніце ўвагу на тое, што дзеяслоў пры гэтай форме ўжываецца ў адзіночным ліку. Рускамоўная множналікавая форма на “Вы” ў дачыненні да адной асобы вельмі моцна высмейвалася беларускай інтэлігенцыяй ХІХ ст.: В. Дунін-Марцінкевіч у адным са сваіх твораў нават назваў яе “выкаючым маскалізмам”. Форма на “Ваша” была гнуткай, мела выразную радавую дыферэнцыяцыю, напр.: спадар Адась прасіў Вашэць (рус. Вас) / Вашэцю (рус. Вас) патэлефанаваць сёння. Як бачым, руская мова такога адрознення ў родзе не мае. Мажліва, гэтая шматфункцыянальнасць і дазволіла форме “Ваша” захавацца ў мове аж да сённяшняга часу. На жаль, ужытак яе вельмі абмежаваны вузкім колам сапраўдных знаўцаў жывой беларускай мовы. Сярод шырокага ж кола яна знаходзіцца на стадыі выжывання, паколькі ў сучасных слоўніках не адлюстраваная. Аднак зрэдку яе можна пабачыць у літаратуры і адмысловым беларускамоўным друку . Цяжка сказаць, ці вернецца ў актыўны лексікон беларусаў завядзёнка звяртацца замест “Вы” – на “Ваша”, але ведаць, што і гэтак па-беларуску кажуць – варта. Усё гэта пакажа час: яшчэ 15 – 20 год таму ніхто і падумаць не мог, наколькі імкліва гэта адбудзецца з формай спадар. Мова сама рэгулюе падобныя працэсы. Вось парадыгма звароту на “Ваша”: Н. 1) м. Ваша (Вы) 2) м. Вашэць (спадар) 3) ж. Вашэця (спадарыня) 4) мн. Вашэці (спадарства, зб.) 2) прын. м. вашэцеў, вашэцева (ваш, -а) 3) прын. ж. вашэцін, вашэціна (ваш, -а) Р. Вашы Вашэці Вашэці Вашэцяў вашэцевага, -ае вашэцінага, -ае Д. Вашу Вашэцю Вашэці Вашэцям вашэцеваму, -ай вашэцінаму, -ай В. Ваша Вашэць Вашэцю Вашэцяў вашэцевага, -у вашэцінага, -у Т. Вашам Вашэцем Вашэцяй Вашэцьмі вашэцевым, -ай вашэціным, -ай М. пры Вашу Пры Вашэцю пры Вашэці пры Вашэцях пры вашэцевым, -ай пры вашэціным, -ай Цікава, што форма м. р. Вашэць мае і яшчэ адзін варыянт – Вашаць з націскам на першы склад і таму словазмяненне яе адпаведнае: Вашаця, Вашацю, Вашаця, Вашацем, пры Вашацю; вашацеў (-ева), вашацевага (-ае) і г. д. Ужывалася гэтая форма і як ветлы зварот да бацькоў. Вельмі ветлівым зваротам да бацькоў была форма 2 ас. мн. л. + назоўнік Кл. скл.: Як, тату, кажаце. Самым шаноўным зваротам да бацькоў з'яўлялася форма 3 ас. мн. л.: Тата кажуць, Мамо казалі. Форма “Мамо казала / тата казаў” была недапушчальнай пры звароце да бацькоў, паколькі выяўляла займеннік 3 ас. адз. л. (яна, ён). Падобны зварот разглядаўся як грубства, знявага і элементарная нявыхаванасць. Рэшткі такога паважлівага стаўлення да бацькоў захаваліся і ў нашых сучасных адносінах: у некаторых сем’ях і зараз прынята звяртацца да бабулі і дзядулі на “Вы”. Змянілася толькі форма – прынцып захаваўся. В е т л ы я з в а р о т ы: сябар – сяброўка (рус. член общества; друг), таварыш(ка) – прыяцель(ка) – дружа / сябра (клічныя формы м. р.), дружка (сяброўка нявесты ў вясельным абрадзе). Паводле сярэднявечнай беларускай філасофіі сябрамі маглі называцца ўсе, хто меў хоць што-небудзь агульнае (маёмасць, ідэю): усе беларусы / людзі паміж сабой сябры (бо яны маюць адну мову і радзіму / свет). Тым часам слова сябар яшчэ не мела значэння “друг”, аднак, мажліва, гэта можа патлумачыць т. зв. беларускую “памяркоўнасць”, міралюбівае стаўленне да свету: з “сябрамі” не ваююць (сапраўды, беларусы ніколі не распачыналі войнаў). Вашамосць (рус. Ваше Величество), Ягамосць (рус. сударь, ваша милость), Імасць (рус. сударь, сударыня), тайка – таечка (сяброўскі зварот да дзяўчыны на Магілёўшчыне, Чарнігаўшчыне). Адносна людзей сталага веку, акрамя формаў спадар (Вашэць, Вашаць) і спадарыня (Вашэця) ужываюцца формы дзядзька (дзядзечка) і цётка (цётачка): дзядзька Рыгор (такі зварот да сябе вельмі любіць Рыгор Барадулін). Форма выкарыстоўваецца з імем альбо без яго. Ступень сваяцтва тут неабавязковая. В і т а н н і. У залежнасці ад часіны сутак беларусы ўжываюць наступныя вітанні: Дабранак! (Добрага ранку! Добрае раніцы!), Дабрыдзень! Дзяньдобры!(Добры дзень! Дзень добры!), Дабрыдзень у хату! Дзяньдобры Вашэцю (Вашэці)! Дабрывечар! Дабранач! (апошняе ўжываецца як вітанне ўначы і як пажаданне: рус. Спокойной ночи!). Пра шырокае выкарыстанне формы Дабрыдзень сведчыць і ўжыванне яе ў складзе фразеалагізму: Адзін дабрыдзень (рус. Один черт). Агульнае вітанне, незалежна ад часіны сутак (Цэнтральная Беларусь) – Дабраслаў! (Слаўлю цябе дабром!); Чалом! (зварот да высокашаноўных асоб, бацькоў, радзімы: Ой, Чалом, Чалом табе, Беларусь! (Я. Купала); ад беларусаў гэты выраз запазычылі палякі). Як апісальнае, ужываецца і наступнае вітанне: “Дазволь вітаць цябе на нашай гасподзе!” (рус. в нашей квартире, в нашем доме, на нашей территории). Згаданыя вітанні больш афіцыйныя, мы ўжываем іх адносна незнаёмых альбо малазнаёмых людзей. Дзеяслоў маўлення – “вітацца”. Здароўця! (рус. Здравствуйте!), Здароў (быў)! (рус. Привет! – толькі адносна асоб (прадметаў і г. д.) м. р.): Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег! (М. Багдановіч), Здаровенька / Здаравенька / Здарова (была)! (рус. Привет! – толькі адносна асоб (прадметаў і г. д.) ж. р.). Калі адносна мужчыны сказаць: “Здарова!” – гэта можа выглядаць як абраза ягонай мужчынскай годнасці (і наадварот). Падобную семантыку ветлівасці альбо абразы на падставе радавой дыферэнцыяцыі маюць і іншыя мовы: іт. Bravo! (Малайчына! – м. р.), Brava! (Малайчына! – ж. р.). Калі ў італьянскай оперы спявак пачуе ў свой адрас вокліч “Brava!”, гэта будзе азначаць поўны правал. Згаданыя беларускія вітанні менш афіцыйныя, мы ўжываем іх адносна добразнаёмых людзей (напр. родзічаў і сяброў). Дзеяслоў маўл. – “здароўкацца”. Слова Прывітанне! – вельмі шырока ўвайшло ва ўжытак, аднак яго лепш не выкарыстоўваць у беларускай мове з наступных прычын: 1) гэты зварот з’яўляецца чыстай калькай рускага слова “Привет!”, а яно ўжо мае ў нашай мове свой адмысловы аналаг “Здароў / Здарова”; 2) гэты зварот скалькаваны паводле словаўтваральнай мадэлі абстрактных назоўнікаў кшталту каханне, спатканне, світанне, што недапушчальна, паколькі прыводзіць да марфемна-семантычнай блытаніны. Таму лепш проста сказаць: Мае вітанні (спадару, спадарыні...)! Вітаю (Высока)шаноўнае / (Шчыра)паважанае спадарства! Альбо са зваротам: Шаноўныя Вашэці! Мае найшчырыя вітанні (Высокай аўдыторыі)! Р а з в і т а н н і. Да пабачэння! (пры жаданні новай сустрэчы; памяншальна-ласкальная форма Да пабачэннейка!), Бывай (це)! (пры развітанні назаўжды: рус. Прощайте!), Бывай здароў (здаровенькі) / здарова (здаровенька)! Будзь(ма)! (у любой сітуацыі), Дабранач! (уначы), Пакуль! (рус. Пока!), Жадаю (Зычу) Усяго найлепшага! Сказаць штосьці на адыходак (рус. на прощание). Калі хтосьці адыходзіць першым, дык ён скажа: Заставайся здароў / здаровенька! (скарочана: Заставайся!). А той, хто застаецца, на адыходак пажадае: Ідзі здароў / здаровенька! альбо З Богам! П а д з я к а. Тут беларусы выкарыстоўваюць як кароткія фразы (Дзякуй! – рус. Спасибо! – паходзіць з выразу “Спаси Бог!”), так і апісальныя (Прымі, калі ласка, падзяку за ...! Дазволь выказаць табе маю ўдзячнасць!). Таксама: Шчыры / вялікі дзякуй! (і нельга казаць “вялікае дзякуй”, бо гэта калька з рускага “большое спасибо”); Дзякуй табе за ласку! (іранічнае: рус. “Благодарю покорно!”). У размоўным стылі існуе і такі забаўны ўстойлівы выраз: Шчыры тлусты дзякуй! (рус. Огромное / большущее спасибо!). Калі ласка! (рус. Пожалуйста!). На пісьме, у неафіцыйных паперах, можа скарачацца наступным чынам: К. Л. У размоўным стылі можа ўжывацца памяншальна-ласкальная форма: Калі ласачка! Гэты ж выраз ужываецца і ў якасці адказу па тэлефоне, і тады ён не мае папярэдняга значэння: Калі ласка! Алё! Але! (разм., ужываецца радзей), Слухаю! (канцылярызм, мае грубаватае адценне і таму яго лепей не ўжываць). Аднак усе чатыры выклічнікі вымаўляюцца з наступнай інтанацыяй: “Павышэнне тона ў канцы”. П р а б а ч э н н е. Гэтая катэгорыя словаў мае ў беларускай мове сваю выразную, адмысловую сітуацыйную прывязку. Прабачце! (вымаўл. [прабац’ц’э]). Першапачаткова паходзіць з фразаў: “Пра-бачце, пра-гледзьце, не заўважце маю віну”. Зараз ужываецца ў той сітуацыі, калі трэба звярнуць чыюсьці ўвагу на сябе: “Прабачце! Ці не падкажаце, якая зараз гадзіна?” альбо “Прабачце! Падкажыце, калі ласка, як праехаць на Гарадскі Вал?”. Выбачайце! (ужываецца тады, калі мы незнарок прыцягнулі чыюсьці ўвагу да сябе: наступілі камусьці на нагу, зазірнулі не ў тыя дзверы, спазніліся і да т. п.). Як правіла, у такіх варунках гучыць наступная фраза: Выбачайце, калі ласка! Падобная дыферэнцыяцыя адбылася ў мове не так даўно, відаць, не без уплыву аднайменнай п’есы А. Макаёнка. Прыклады з іншых моваў сведчаць, што ў іх, у абедзвюх сітуацыях, выкарыстоўваецца адно і тое ж слова: рус. Извините! (паходзіць з выразу “Из вины исключите!”), анг. Excuse! Даруйце! – выкарыстоўваецца тады, калі нашая віна перад кімсьці несувымерная, вельмі вялікая. Пацверджанне гэтаму мы знаходзім як у іншых мовах (рус. Простите! анг. Sorry!), так і ў сваёй на прыкладзе аднакарэнных словаў: Ім няма даравання (рус. Им нет прощения). Перапрашаю! – выкарыстоўваецца тады, калі нам трэба перапыніць чыюсьці гутарку (спытаць штосьці ў аднаго з суразмоўцаў альбо “свае тры грошыкі прыткнуць”). Паходзіць ад польскага Przepraszam! Аднак у мове-крыніцы гэта азначае прабачэнне ў любой сітуацыі. У нас жа замацавалася за пэўнай сітуацыяй (рус. Извините, я Вас перебью! Цікава адзначыць і тое, што слова “перебью” ў дадзенай рускай фразе гучыць вельмі неадназначна). З ы ч э н н і. У якасці агульнага зычэння таму, хто працуе, незалежна ад віду працы (фізічнай ці разумовай) і ступені знаёмства з чалавекам, мы кажам: Памажы (гай) Божа! Раней на Беларусі палічылі б хамам такога чалавека, які маўчком абмінуў бы таго, хто цяжка працаваў. Зараз, на жаль, на гэта мала хто зважае і ўзровень масавай культуры відавочны. Ёсць у беларускай мове і прыватныя зычэнні, што залежаць ад віду дзейнасці, якой займаецца аб’ект пажадання. Так, таму, хто пячэ каравай, кажуць: Вялік падходам!, хто ловіць рыбу – Рыбно вам!, хто збірае грыбы – Грыбно вам!, хто робіць нарыхтоўкі на зіму – Судзі, Божа, спажываць у карысці, у радасці, у добрым здаровейку, судзі Божа! На ўсе пажаданні абавязкова трэба адказваць: Дзякуй! Цікава, што пажаданне Рыбно вам можа ўжывацца і ў пераносным значэнні, і тады адказ будзе зусім іншы: Рыбно вам! – Хоць не рыбна, ды юшна! (рус. Ни пуха ни пера! – К черту!). Заўважце, што руская фраза не адлюстроўвае багацця пажаданага: ў ёй мы не зычым анічога, нават ані пушыначкі. Калі беларус выпраўляецца ў дарогу, яму пажадаюць: Асвяці, Божа! (рус. Счастливого пути!). Калі ж беларус бачыць таго, хто сілкуецца, дык можа сказаць так, як і стагоддзі таму: Смачна есці! (рус. Приятного аппетита! Паходзіць з французскага Bon appétit!) альбо Сыць, Божа! (даслоўна азначае: Еш дасыта, уволю; рус. Хлеб да соль!). Запрашэнне пачаставацца захавалася і зараз, але калісьці ў такой сітуацыі ўзнікаў цэлы дыялог устойлівага тыпу: – Смачна есці / Сыць, Божа! – Просім! (не пачаставаць, калі было чым, ці не запрасіць да стала – было вяршыняй няветлівасці!). – Дзякую вам! – Няма за што, выбачайце! (гэта азначае: выбачайце, што не дагадзіў лепей; рус.“Чем богаты, тем и рады!”). Калі ж беларус убачыць таго, хто наталяе смагу, дык пажадае: На здароўе! Пі, Ваша, здаровенькі / здаровенька! Як адзначае ў сваёй кнізе “Зямля пад белымі крыламі” Ул. Караткевіч, беларусы – надзвычай шчодры, гасцінны (разам з тым – памяркоўны і ўпарты, гэта 3 асн. рысы бел. менталітэту) народ (Госць у хаце – Бог у хаце). Яны заўсёды дзяліліся з тым, хто меў патрэбу, працавалі і жылі талакою (М. Багдановіч: Зноў змяшай муку з карой таўчонай, Бо памерзла ніва ў суседа). Паводле ўспамінаў старых людзей, калісьці на Беларусі была такая завядзёнка: у кожным склепе мелася спец. бочачка з кляновікам, бярозавікам ці квасам і конаўка для таго, каб які любя вандроўнік мог мімаходзь наталіць смагу, нават калі гаспадароў не было ў хаце. Жлукталі ж (апівошы, алтрыгі) яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. былі вялікай рэдкасцю: калі дзе быў такі чалавек, дык на гэтакае дзіва хадзілі глядзець з суседніх вёсак, бо дарослыя людзі не ведалі, што гэта за з’ява! Сям’ю такога чалавека вельмі шкадавалі і лічылі справай гонару – дапамагчы жонцы і дзеткам. А д р а с а в а н н і. У залежнасці ад таго, каму мы пішам ліст (афіцыйны ён ці сяброўскі), мы можам ужываць наступныя адрасаванні: Ягамосці (Вашамосці) спадару (спадарыні) – так выказваецца вельмі вялікая пашана; спадару (Паўлу Вайніловічу), спадарыні (Арыне Вайніловічысе), (Вельмі, Глыбака, Шчыра) Паважанаму спадару (спадарыні); (Паважанаму) (спадарычу) Сябру ці (спадарычні) Сяброўцы (Таечцы); Дарагому (Даражэнькаму, Дрыжонаму) Любаму Сябру (Міхалу). Пры адрасаванні слова Спадар і яго формы можа пісацца з вялікай літары. Зычэнне ў лісце можна пачаць фразай: Ад шчырае душы (жадаю / зычу ўсяго найлепшага) – рус. от всей души. Да прыкладу, вось як быў адрасаваны адзін полацкі ліст 1468 г.: Дабрародныя і пачэслівыя нашы мілыя суседзі! Пытанні і заданні да абмеркавання: 1) Пералічыце асноўныя асаблівасці беларускага моўнага этыкету. 2) Напішыце ліст да свайго замежнага сябра, у якім паспрабуйце яму растлумачыць, чаму вы размаўляеце (не размаўляеце) па беларуску? У лісце трэба скарыстаць мадэлі моўнага этыкету (гл. адрасаванні і інш.). 3) Складзіце палілог з паасобных сказаў. Прачытайце па ролях. Перакажыце блізка да тэксту. І я ўзаемна, дзядзечка. Бывайце. Ну, мае найшчырыя віншаванні, дзеўчына. Бацька як? Вучні Вашэця там выдурняюць! Прыйшла замуж, дзядзечка. І я рада, дзядзечка, што сустрэла Вашэць у Берасці. Так, спадар Загорскі. Я. Ай, выдатна! … Во! Хтосьці кліча. Перапрашаю… Вой, ісці трэба! Выбачай. Бацькам дабраслаў. Бывай здаровенька. Быў рады бачыць! Глыбака паважанаму спадару суседу бацька перадавалі зычэнні. Вой, глядзі ты! Як час бяжыць! Дык як цяпер завешся? Каго бачу! Адэля Васілянка! Гэй, Загорскі! Якім лёсам тут? Жыве. Школку беларускую адчынілі. Цяпер тато ёсць там настаўнікам. Чаго Вашэцю трэба? Дзякуй. Як родны Наваградак? Адэля Васілянка Раманцэвічыха. Дабрародныя і пачэслівыя мае мілыя суседзі! Рады вітаць Вашэцю.
|